З успамінаў мясцовых жыхароў



Успаміны Белавуса Сяргея Рыгоравіча 
Нарадзіўся 27.09.1931 г. у в. Вензавец. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна мне было 9 гадоў. У вёсцы Каменка стаяў нямецкі дэсант і адтуль вялася стральба. Пралятаў самалёт разведчыкаў і даваў каардынаты, дзе знаходзяцца савецкія салдаты. Па вуліцы Нагорніцкой ішлі савецкія салдаты праз Нагорнікі на Дварэц, шмат салдат загінула.
Пасля прыходу ў вёску немцаў пасвіў коней разам з дзедам Вікенціем Данільчыкам. Калі пачыналі страляць, хавалі коней у хлеў, самі разам з дзедам хаваліся за дрэвамі. Людзі сыходзілі ў лес. Аднойчы прыйшоў мой бацька і забраў мяне, каб схавацца ў лесе. Па дарозе мы бачылі як савецкі салдат ехаў на кані, яму патрапіла аскепкам ад бомбы ў галаву, конь спалохаўся і ўцёк.
Пасля прыходу немцы стварылі сваю арганізацыю РВНА (Руская вызваленчая народная армія), якая складалася з рускіх ваеннапалонных, якія перайшлі на бок немцаў.
Гэта былі памагатыя немцаў. Яны здымалі кватэры ў мясцовых жыхароў. Калі немцы сталі адступаць, гэтыя прыслужнікі сыходзілі разам з імі.
Нямецкія самалёты скінулі кантэйнеры з палівам для сваіх салдат, але яны ўжо сышлі і жыхары з матэрыялу парашутаў рабілі сабе кашулі, а са строп рабілі вупраж для коней.
З надыходам савецкіх войскаў усе ваеннаабавязаныя мужчыны былі мабілізаваны ў Савецкую Армію і сыходзілі на фронт. Пасля заканчэння вайны магілы загінуўшых салдат былі раскапаныя і астанкі былі перанесены ў брацкія магілы ў в. Міроўшчына і г.Дзятлава.
Успаміны Франюк Аляксандры Іванаўны
Дзявочае прозвішча Лявончык. Нарадзілася 10.07.1936 г. у вёсцы Пацаўшчына. У сям'і было 7 чалавек. 


У 1944 годзе з Віцебскай вобласці, у вёску Пацаўшчына прывезлі бежанцаў. У дом да Аляксандры Іванаўны патрапілі 5 чалавек: Грыбанава Еўдакія Сафонаўна, яе дзеці Антаніна і Уладзімір, а так жа яе сястра, Антаніна Сафонаўна і маці, Марыя Юліянаўна.
Бежанцы прывезлі хваробу - тыф. Самым першым захварэў бацька Аляксандры Іванаўны. Яму было вельмі дрэнна, ён увесь час ляжаў у ложку, але, калі ён устаў, яму тут жа стала горш і ў 1944 годзе ён памёр. Потым захварэлі і ўсе астатнія члены сям'і, у тым ліку і Аляксандра Іванаўна.
Бацькі працавалі на сваёй зямлі, мелі сваё балота, лес.
Умовы для жыцця былі вельмі дрэнныя. Не было мыла, умоў для мыцця, у дамах было брудна. У людзей заводзіліся вошы, блыхі, у дамах-прусакі.
Сілкаваліся тым, што рыхтавалі самі. Пяклі хлеб, бліны, бульбу, варылі шчаўе. Прадуктаў было вельмі мала і даводзілася разлічваць толькі на тое, што вырасце на агародзе.

Падчас вайны сям'я Лявончык знаходзілася ў роднай вёсцы Пацаўшчына. Калі немцы першы раз прыехалі ў вёску, сказалі плаціць ім даніну. І ў адзін дзень, калі стараста вёскі не сабраў столькі, колькі трэба было, усю вёску хацелі расстраляць, але стараста нешта дадаў са сваіх прадуктаў і ўсіх людзей адпусцілі.
Успаміны Кармільчык Клаўдзіі Іосіфаўны
 Нарадзілася 30.09.1935 г. ў вёсцы Нагорнікі. Вайну яна сустрэла ў 6 гадоў.
 Сілкаваліся падчас вайны вельмі сціпла і мала. Хлеб пяклі самі, але мукі было вельмі мала, таму даводзілася здавольвацца драбніцай. Асноўнай ежай была бульба. Гэтак жа з мукі гатавалі саладуху.
   Яшчэ тады ў іх быў вялікі, цагляны дом, але абстаноўка там была вельмі сціплая. У доме стаяла вялікая печ і печка, у адным з пакояў стаяў стол, накрыты саматканым покрывам, яго з усіх бакоў атачалі крэслы. У куце, ля акна стаяла драўляная лаўка. У другім пакоі стаялі дзіцячыя ложкі. Хоць падчас вайны спакойна спаць не даводзілася.
  Бацькі ўсю вайну былі дома, гэтак жа як і дзеці. Нягледзячы на тое, што ішла вайна, яны старанна апрацоўвалі зямлю каля дома і ўсяляк імкнуліся зарабіць для таго, што б пракарміць вялікую сям'ю і дапамагчы партызанам. Сваім бацькам дапамагалі і дзеці, таму што ўсе яны выдатна разумелі, што ідзе вайна, а на вайне трэба заўсёды адзін аднаму дапамагаць. Толькі так яны змогуць перамагчы. Падчас вайны днём да іх прыходзілі немцы, яны забіралі ўсю ежу. А ноччу на начлег прыходзілі партызаны. Днём дзецям даводзілася хавацца ў склепе, які цалкам падыходзіў для гэтага. Немцы хацелі знішчыць усіх і ўсё. Таму яны часцяком зазіралі ў вёску. Бывала такое, што малодшыя дзеці нават не разумелі, што трэба рабіць, а проста слухаліся старэйшых. Дзень і ноч грымелі стрэлы, дзеці ледзь стрымлівалі слёзы, усе стараліся быць спакойнымі, але гэта не заўсёды атрымлівалася. Непадалёк, у лесе хаваліся партызаны, якія часцяком зазіралі ў вёску. Часцей за ўсё служыла сховішчам частка лесу размешчаная паблізу маяка.
Успаміны Налівайка Ганны Фёдараўны
Дзявочае прозвішча Маркушэўская. Нарадзілася 09.12.1923 г. у вёсцы Нагорнікі. Вайну сустрэла ў 15 гадоў. Жылося тады цяжка, яды было мала, а дзяцей - васьмера.
Ежы не хапала, у дзень на аднаго чалавека давалі толькі 300г хлеба, пры гэтым яны ўвесь час жылі ў страху, у страху памерці. Бацька памёр яшчэ да вайны, сям'я трымалася на маці. Дзеці ўсё гэта выдатна разумелі і ўсяляк стараліся дапамагаць маме. Прыглядалі за сваімі братамі і сёстрамі. Дапамагалі апрацоўваць зямлю каля дома. Нават самі навучыліся пячы хлеб.
Днём, бывала, заходзілі немцы, забіралі ўсё , што можна і не можна, а ноччу прыходзілі партызаны. Мы ім што-небудзь давалі, яны ў нас пачавалі, а раніцай адыходзілі, немцам мы нічога не казалі. Партызан усяляк падтрымлівалі, кармілі, хавалі. А малодшыя дзеці падбягалі да іх і прасілі дапамогі.
 Немцы шукалі партызан паўсюль на верталётах, абстрэльвалі дамы... Аднойчы нават спалілі ўсю вёску.
Памятайце, дзяўчаты, пра вайну, гэта вельмі страшна. Я лепш па адной бульбіне за дзень есці буду, але каб не было больш вайны. 
Успаміны Жук Марыі Уладзіміраўны
Нарадзілася  08.08.1937 г. на хутары Дуброва, дзе і жыла са сваёй сям'ёй падчас вайны. Ён знаходзіўся ў лесе, за некалькі кіламетраў ад вёскі Вензавец.
Сям'я наша была з пяці чалавек: тата Валодзя, мама Ганна, я, сястра Люба і брат Віця. З дзяцей я была старэйшай, Віця - малодшым.
Мы жылі бедна. Тата зарабляў мала грошай, таму іх не хапала на неабходнае - на хлеб. Наш домік быў на хутары, і па хлеб трэба было ісці ў вёску Вензавец, у краму. Там часам давалі булачкі. Але ў некаторых на той час не было нават дома, і грошай было вельмі мала.
Але вось пачалася вайна. Тады быў вельмі цяжкі час. Тата пайшоў ваяваць. Мама засталася з трыма дзецьмі на маленькім хутары пасярод лесу.
Да нас на хутар прыходзілі партызаны.  Яны жылі ў нас. Я насіла ім ваду з калодзежа. А ў Вензаўцы былі немцы. Яны палілі дамы, а людзей збіралі ў хлеў, замыкалі і таксама падпальвалі. Людзі згаралі жыўцом у гэтым хляве. Немец руйнаваў усё, што бачыў.
Потым з вайны вярнуўся тата, і маме стала лягчэй з намі.

Аднак пасля вайны была ўсё такое ж складаная жыццё.

Комментариев нет:

Отправить комментарий