Вуліца Валянціна Біцько


У перыяд пераходу Вензаўца са статуса вёскі ў аграгарадок ажыццяўлялася масавае будаўніцтва новых дамоў, якія ўтваралі цэлыя вуліцы. І перад мясцовымі ўладамі сталася пытанне: як назваць вуліцу, размешчаную ў самым пачатку аграгарадка з боку горада Дзятлава. На дапамогу прыйшлі пошукавыя атрады Вензавецкага дзіцячага сада - сярэдняй школы. Такім чынам, у 2009 годзе на карце Вензаўца з'явілася вуліца Валянціна Біцько. 
Фота з архіву В.С.Біцько
Валянцін Сцяпанавіч Біцько - ветэран Вялікай Айчыннай вайны. З красавіка 1942 г. уключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў радах партызан. Камандаваў партызанскай групай, ротай. Стаў адным з арганізатараў партызанскага атрада “Арлянскі”, які дзейнічаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, потым ён — начальнік штаба ў атрадах ”Барацьба”, ”Перамога”. З ліпеня 1943г. В.С. Біцько — камандзір Ленінскага партызанскага атрада. Баявы, рашучы, смелы — такім зналі В.С.Біцько яго таварышы па барацьбе. 
Пасля вайны В.С.Біцько працаваў старшынёй Дзятлаўскага выканкама, загадчыкам аддзела Дзятлаўскага РК КПБ, дырэктарам ільнозавода, дырэктарам камбіната камунальнай гаспадаркі.
Фота з архіву В.С.Біцько
Памёр В.С.Біцько 14.04.1981 г.. Пахаваны на могілках вёскі Міроўшчына. 
З успамінаў суседзяў
“Валянцін Сцяпанавіч з нас, суседзяў, быў самы граматны. Толькі ён адзін меў вышэйшую адукацыю з нашай вескі. Ён заўседы стараўся нам што-небудзь параіць, растлумачыць, адказаць на пытанні. Наш аднавясковец быў добрым суседам, гаспадаром, сем’янінам.  У сям’і было трое дзяцей – два сыны, Яўген і Аляксандр, і дачка Людміла. Жонка – Ніна Аляксандраўна – звычайная, добрая жанчына.
Старэйшы сын Яўген Валянцінавіч Біцько
Група пошукавага атрада ў гасяцях у сям'і Біцько
“Наш бацька быў чэсны, справядлівы чалавек і гэтаму вучыў нас. Я помню такі выпадак. Прыйшоў чалавек, каб бацька яму быў сведкай, што разам былі ў партызанах, каб атрымаць большую пенсію. Дык бацька прагнаў яго, і не мог змірыцца з тым, што чалавек хацеў абманным шляхам зарабіць грошы. Ён шмат расказваў пра вайну, пра партызан. Мы ганарымся сваім бацькам і на яго подзвігах выхоўваем сваіх дзяцей і ўнукаў”.
З 2005 года група пошукавага атрада школы вырашыла ўзяць шэфства за  магілай партызана. І па сёняшні дзень падтрымліваецца сувязь з роднымі В.С.Біцько, у гонар якога названа і піянерская дружына Вензавецкага дзіцячага сада - сярэдняй школы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий