Карнацэвіч Галіна Паўлаўна


Дзятлаўская зямля дала свету таленавітых спартыўных людзей. Сярод іх - майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь Галіна Паўлаўна Карнацэвіч (дзявочае прозвішча - Барук). 
Галіна Барук нарадзілася ў лістападзе 1969 года ў вёсцы Буйкі, якая на той час размяшчалася на тэрыторыі калгаса "Новае жыццё". На вучобу ў Яварскую школу хадзіла за тры кіламетры. Як успамінае класны кіраўнік Галіны Ірына Гульнік: "Галя заўсёды вельмі адказна ставілася да вучобы. У выпускным класе яна была выдатніцай. Усе грамадскія даручэнні выконвала старанна. З'яўлялася старшынёй савета дружыны піянерскай арганізацыі, а затым - сакратаром камсамольскай арганізацыі. Па характары спакойная, добрая і спагадлівая дзяўчына".
У пачатку 80-х гадоў на працу настаўнікам фізкультуры ў Яварскую школу быў накіраваны Дзмітрый Кароль (цяпер ён працуе ў гімназіі №1 г.Дзятлава). Дзмітрый Фёдаравіч неадкладна арганізаваў у школе працу секцыі лёгкай атлетыкі, якую апекавала Сельскае спартыўнае таварыства "Ураджай". 
- Галя Барук дысцыплінавана і сумленна ставілася да выканання заданняў у секцыі, - распавёў Дзмітрый Кароль. Пры пастаянных трэніровачных нагрузках яна была адной з лепшых. Удзельнічала ў раённых спаборніцтвах па атлетыцы. Асабліва ёй атрымоўваліся забегі на доўгія дыстанцыі. У школе яна была, вядома, спартовым лідарам. 
Пасля заканчэння сярэдняй школы Галя Барук у 1988 годзе паступіла на вучобу ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, які скончыла ў 1993 годзе па спецыяльнасці "Гісторыя, выкладчык сацыяльна-педагагічных навук".
На працягу вучобы ў універсітэце Галя працягнула займацца спортам. У 1993 годзе, акрамя універсітэцкага дыплома, яна і здабыла сярэбраны медаль чэмпіянату Беларусі ў бегу на 3000 метраў, выканала нарматыў майстра спорту. Пасля гэтага поспеху Галіну Барук уключылі ў склад зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы. Яна выступала на чэмпіянаце свету 1994 года.
Пачаўшы з дыстанцыі 800 метраў, яна неўзабаве пашырыла свой дыяпазон дысцыплін: 1500, 5000, 10000 метраў. А з 1995 года Галіна Барук выйшла, а дакладней - выбегла, на міжнародныя марафонскія дыстанцыі.
Застаючыся дзеючай спартсменкай, яна да 1998 года з'яўлялася і спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы. У 1999 годзе стала інструктарам-метадыстам дзяржаўнай установы "Гродзенская абласная школа вышэйшага спартыўнага майстэрства". Зараз гэта Гродзенскі абласны комплексны цэнтр алімпійскага рэзерву. З кастрычніка 2014 года спалучае працу трэнера-выкладчыка і інспектара-метадыста цэнтра.
Галіна Карнацэвіч з'яўляецца пераможцам і прызёрам шэрагу марафонаў: Вроцлаў, Леборк (Польшча), Сан-Дыега (ЗША), Будапешт (Венгрыя), Рэймс (Францыя, 3-е месца). Яна была ў васьмёрцы лепшых у марафонскіх забегах у Венецыі (Італія), Франкфурце, Гамбургу (Германія), Ля-Рашэль (Францыя), Мумбаі (Індыя), Лас-Вегасе (ЗША), Празе (Чэхія). Бегала марафон у Чыба-Экідэна( Японія), у Пекіне (Кітай). Яна пастаянная ўдзельніца марафонскага бегу Дружбы "Друскінінкай-Гродна", забегаў свету.
На чэмпіянаце свету ў Хельсінкі (Фінляндыя) у 2003 годзе яна ўстанавіла асабісты рэкорд, удзельнічала ў марафоне на чэмпіянаце Еўропы. Усяго яна прабегла звыш 60 марафонаў, заключны - у 2015 годзе.
Некаторыя свае ўзнагароды, асабістыя медалі Галіна Карнацэвіч падарыла землякам, яны захоўваюцца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Сёння Галіна Паўлаўна Карнацэвіч - паспяховы трэнер-выкладчык.
- Я трэнірую чатырох дзяўчат. Гэта Юлія Кароль, Вікторыя Кушнір, Вольга Краўцова, Ірына Смолава. Яны перспектыўныя спартсменкі. У 2017 годзе выканалі пастаўленую задачу - ўдзельнічалі ў чэмпіянаце Еўропы.
Дарэчы, Вікторыя Кушнір - ужо майстар спорту міжнароднага класа, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 2017 года ў эстафеце, сярэбраны прызёр чэмпіянату Рэспублікі Беларусь 2017 года на дыстанцыі 800 метраў.
Галіна Карнацэвіч, як і ў свае школьныя гады, актыўная ў грамадскім жыцці. У цэнтры алімпійскага рэзерву з'яўляецца старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Разам з мужам, які працуе ў гэтым жа цэнтры, выхоўвае сына.
       Матэрыялы часткова ўзяты з даследчай работы "Мае землякі - мой гонар" педагогаў і навучэнцаў Вензавецкага дзіцячага сада - сярэдняй школы

Комментариев нет:

Отправить комментарий