Яны змагаліся за Радзіму


Канапліцкі Канстанцін Антонавіч
Нарадзіўся 14 студзеня 1926 года ў вёсцы Вензавец. Скончыў тры класы польскай школы. Быў прызваны ў армію і трапіў у ваенную часць, якая знаходзілася ў горадзе Мурам. Пасля ранення ў нагу Канстанцін Антонавіч трапляе ў шпіталь, дзе ён прабыў шэсць месяцаў. Затым быў накіраваны ў горад Будапешт, дзе лячыўся ад тыфу. Дамоў Канстанцін Антонавіч вярнуўся 3 сакавіка 1950 года. 
Медалі:
Г. Жукава
 За Перамогу над Германіяй
 За ўзяцце Вены
30 гадоў Савецкай Арміі і флоту.
 20,30,40,50,60,65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне
 50,60,65 гадоў вызвалення Беларусі
 50,60,70 гадоў Узброеных Сіл
 За доблесную працу
 Пераможца Сацпрацы

Лейка Сцяпан Ігнацьевіч
 Нарадзіўся 18 верасня 1922 года ў вёсцы Заполле Карэліцкага раёна. Закончыў мясцовую школу. У 1944 годзе пайшоў на фронт. Ваяваў у партызанскім атарадзе, які базіраваўся ў Налібоцкай пушчы. 5 ліпеня 1944 года вярнуўся дамоў. Два гады працаваў на заводзе ў Баранавічах. У 1950 годзе паступіў у вышэйшую партыйную школу. Пасля заканчэння працаваў у Дзятлаўскім райкоме партыі. З 1955 года працаваў старшынёй калгаса “Чырвоны кастрычнік”. У 1982 годз выйшаў на пенсію. 
Медалі:
Г. Жукава.
"Партызану Айчыннай вайны 2 ступені".
20,30,40,50,60,65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
50,60,65 гадоў вызвалення Беларусі.
50,60,70 гадоў Узброеных Сіл.
За доблесную працу.
Ветэран працы.

Будзько Юліян Гаўрылавіч
Нарадзіўся 6 студзеня 1924 года ў вёсцы Юравічы. Закончыў два класы Вензавецкай  школы. У 1944 годзе пайшоў у армію, ваяваў на фронце. Пасля вайны працаваў у калгасе. 






Кажала Пётр Данілавіч
Нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Лагуны. Закончыў тры класы Нагорніцкай школы. У 1942 годзе пайшоў на фронт. Ваяваў у Прыбалтыцы, Калінінградскай і Ленінградскай вобласці, ва Усходняй Прусіі, вызваляў Польшу. 27 лютага 1947 года быў дэмабілізаваны, вярнуўся ў вёску Лагуны , дзе працаваў у калгасе. 



Ёдчык А.І.
Нарадзіўся 9 кастрычніка 1926 года ў вёсцы Лудзічы. Чатыры гады вучыўся ў Лудзіцкай  школе. Пяты клас скончыў у Дзятлаўскай сярэдняй школе. У 1944 годзе быў прызваны ў армію. 7 лістапада прыняў прысягу, служыў і ваяваў у 96 страявым палку. Перамогу сустрэў у маі 1945 года ў Берліне. З арміі дэмабілізаваўся у 1949 годзе.


Бельскі В.Л.
Нарадзіўся 17 ліпеня 1925 годзе ў вёсцы Вензавец. Скончыў мясцовую Вензавецкую школу. У 1944 годзе пайшоў на фронт. Ваяваў у Румыніі і Венгрыі. У 1947 годзе быў дэмабілізаваны з арміі і 28 красавіка 1947 года вярнуўся дамоў, дзе спачатку працаваў у калгасе, а затым у лясніцтве. 





Біцько Валянцін Сцяпанавіч
Валянцін Сцяпанавіч нарадзіўся 02.05.1919 года ў вёсцы Вялікая Салтанаўка Васільеўскага раёна Кіеўскай вобласці. Службу ў Чырвонай арміі пачаў з 1939 года. Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Сцяпанавіч Біцько скончыў Астраханскае Стралкова-кулямётнае вучылішча і ў званні лейтэнанта прыбыў для праходжання службы ў горад Даўгаўпілс у асобны зенітны дывізіён прыбалтыйскай асаблівай ваеннай акругі. 
У першы дзень вайны часць, у якой служыў Валянцін Біцько, уступіла ў бой з дэсантам гітлераўцаў. Валянцін Сцяпанавіч быў цяжка паранены, трапіў у палон, уцёк. У дарозе адкрыліся раны. Жыхары вёскі Вензавец Антон Белавус і Алена Губар далі прытулак параненаму салдату. Праз іх  В. С. Біцько пазнаёміўся з савецкімі актывістамі, а тыя дапамаглі яму звязацца з Мікалаем Вахоніным, Васілём Кавязіным і іншымі былымі ваеннаслужачымі, якія жылі ў суседніх вёсках.
Валянцін Сцяпанавіч стаў адным з арганізатараў партызанскага атрада “Арлянскі”, які дзейнічаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, потым ён – начальнік штаба ў атрадах “Барацьба”, “Перамога”. З ліпеня 1943 года В. С. Біцько – камандзір Ленінскага партызанскага атрада. Баявы, рашучы, смелы – такім ведалі яго таварышы па барацьбе.
Пасля вайны Валянцін Біцько працаваў старшынёй Дзятлаўскага выканкама, загадчыкам аддзела Дзятлаўскага РК КПБ, дырэктарам ільнозавода, дырэктарам камбіната камунальнай гаспадаркі.
У гонар камандзіра партызанскага атрада “Ленінскі” Ленінскай партызанскай брыгады Валянціна Сцяпанавіча Біцько названа не толькі адна вуліца горада Дзятлава, але і вуліца аграгарадка Вензавец. 


Салікава Анастасія Іванаўна
З успамінаў работніцы тылу:
 "У 1941 годзе пачалася вайна. Я скончыла толькі 7 класаў. У сям'і мы былі зводнымі дзецьмі. У мамы было 3 сваіх дзяцей, а ў бацькі 2 сваіх дзяцей. За вучобу трэба было плаціць. А калі пачалася вайна, грошай практычна не было. Прыйшлося мне пайсці на працу. І мы з сястрой пайшлі віць вяроўкі. А праз год нас вывезлі на шахту ў Караганду. Працаваць там было няма каму, таму што мужчын забралі на фронт. Мне тады было 15 гадоў. Адзення не было, толькі 2 летнія сукенкі, а цёплых рэчаў наогул не было. Мяне ўзялі на працу матарысткай. І я так прапрацавала дзесьці паўмесяца. Потым мяне ўзялі памочніцай запальшчыка. На фронце партызаны ўзрывалі цягнікі, а мне давялося падрываць вугаль. У вугальнай сцяне бурыліся адтуліны, у іх закладвалася выбухоўка. Пасля выбуху вугальная сцяна разбуралася і вугаль грузілі на спецыяльную стужку і вывозілі на паверхню. Так я прапрацавала да 1945 года. 1 мая 1945 года адбыўся выбух на шахце. Уся змена загінула. Нас адправілі разбіраць завалы. Там загінула і мая сястра Рыма. Ад пастаяннай працы ў вугальнай пылу здароўе пачало псавацца, з'явіўся страшны кашаль і адзін раз мяне проста вынеслі з шахты. Лекары парэкамендавалі лёгкую працу. Да 1946 года я працавала лебядчыцай. Сёлета я прывезла да сябе маму і брата. А ў 1947 годзе мама памерла". 
 «Даводзілася працаваць і ў выхадныя дні. Калі на працягу месяца мы выконвалі норму, то нам вылучалі дадатковы паёк. На чалавек 1 кг 200 г хлеба. Зараз гэта здаецца што вялікая булка. А раней гэта быў невялікі кавалачак. Хлеб быў нізкай якасці. Густу ў ім практычна не было, толькі вага. Было і холадна, і голадна. Жылі ў інтэрнаце. Уся пасцельная бялізна-гэта прастынка і навалачка. Хадзілі на лясны склад за пілавіннем, каб набіць матрац. Было вельмі цяжка, і 1946 годзе, калі скончылася вайна, дазволілі некаторым з'ехаць з шахты. Але мне ехаць не было куды, Уся сям'я была тут побач".
 "У 1943 годзе я стала членам ВЛКСМ (Камсамолкай), а ў 1947 годзе ўступіла ў шэрагі Камуністычнай партыі. Калі ў 1992 года партыя распалася, я вырашыла забраць свой партыйны білет на памяць. І цяпер я яго захоўваю, як сведкі падзей таго часу"»
 "Перад вялікімі святамі ладзілі вечары. Цяпер гэта называецца дыскатэкай. А раней вечар танцаў. Хадзілі ўсе дружна, таму што там праводзілі розныя гульні, конкурсы, віктарыны. Абавязкова можна было даведацца што-небудзь новай для сябе. І мы стараліся не прапускаць".


Комментариев нет:

Отправить комментарий